КАМІТЭ́Т МАЛАДЗЁЖНЫХ АРГАНІЗА́ЦЫЙ БЕЛАРУ́СІ (КМА Беларусі),

незалежнае грамадскае аб’яднанне маладзёжных і дзіцячых арганізацый у 1958—95. Створаны ў кастр. 1958 як КМА БССР. Заклаў падмурак міжнар. супрацоўніцтва бел. моладзі, наладзіў сувязі з маладзёжнымі арг-цыямі Польшчы, Венгрыі, Югаславіі, В’етнама, ФРГ, Бельгіі, ЗША і інш. КМА БССР быў адзінай арг-цыяй, якая ва ўмовах сав. сістэмы давала бел. моладзі магчымасць выязджаць за мяжу. Асн. мэты: развіццё навук., тэхн. і маст. творчасці моладзі; абарона паліт., сац.-эканам., асабістых правоў, свабод і законных інтарэсаў маладзёжных арг-цый Беларусі; стварэнне і развіццё новых маладзёжных рухаў і арг-цый, прадстаўленне іх інтарэсаў на міжнар. арэне; развіццё рэгіянальнага міжнар. супрацоўніцтва і інш. У кастр. 1991 зарэгістраваны як КМА Беларусі. У сак. 1995 перарэгістраваны як Бел. нац. к-т маладзёжных арг-цый (БНКМА). Вышэйшы орган — сход прадстаўнікоў арганізацый-членаў, выканаўчы — прэзідыум БНКМА. У складзе БНКМА 28 арганізацый-членаў і 6 арганізацый-наглядальнікаў (1997).

А.М.Шавель.

т. 7, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)